chudy1Значная частка расійска-эстонскай граніцы праходзіць па Чудскім возеры. У Наўгародскай вобласці Расіі ёсць горад Чудава. Адзначаныя тапонімы ўтвораны ад назвы фіна-ўгорскіх плямёнаў чудзі, з якімі русічы суседнічалі з Х ст. Чудзь – экзаэтнонім, г. зн. не саманазва, а імя, дадзенае іншымі. Русічы так называлі сваіх суседзяў, бо іхняя мова ўспрымалася як “чуднaя” і “чужая”.

Большасць чудзі, змяшаўшыся з мясцовымі балтыйскімі, скандынаўскімі і іншымі плямёнамі, увайшлі ў склад эстонскага этнасу, многія асіміляваліся славянамі. Раней эстонцы называлі сябе maarahvas, г. зн. “людзі сваёй зямлі”. А сярэднявечных крыніцах на латыні насельніцтва дадзенай тэрыторыі называлася Aesti. Ад гэтага слова з сярэдзіны ХІХ ст. утварылася іхняя новая саманазва eestlased, эстонцы.

У ХІІІ ст. паўднёвая частка сучаснай Эстоніі была заваявана Лівонскім Ордэнам, паўночная – Даніяй. У выніку мясцовае насельніцтва прыняла каталіцтва. У XVII ст. новыя заваёўнікі шведы прынеслі сюды лютэранства. З XVIIІ ст. Эстонія ў складзе Расійскай Імперыі і пэўная колькасць жыхароў, асабліва ў гарадах, прымае праваслаўе. У насельніцтве сённяшняй Эстоніі праваслаўныя хрысціяне складаюць 12,8 %, праўда карэнных эстонцаў сярод іх нямнога.

Алё ёсць частка чудзі, якая на працягу многіх стагоддзяў жыве сярод праваслаўных і сама спаведае праваслаўе. Пачынаючы з 1838 г. у афіцыйных рускіх дакументах гэты народ называецца сету (ад іхняй саманазвы “сетукезэ”). Раней іх называлі “пскоўская чудзь”.

Самі сету, не адмаўляючы сваёй блізкасці эстонцам, адрозніваюць сябе ад іх. Па-першае, у адрозненне ад большасці эстонцаў-лютэранаў сету праваслаўныя. Па-другое, літаратурная эстонская мова створана на аснове паўночных дыялектаў, сету ж жывуць на паўднёвым усходзе Эстоніі (уезды Вырумаа і Пылвамаа) і Пячорскім раёне Пскоўскай вобласці Расіі. Гістарычная тэрыторыя пражывання сету часам называецца Сетумаа (зямля сету).

У Эстоніі мова сету афіцыйна лічыцца часткай вырускага дыялекта эстонскай мовы. З-за блізкасці эстонскай і сетускай моў многія сету Эстоніі перайшлі на эстонскую. Праўда, з 2006 г. па-сетуску там выдаецца часопіс “Peko Helu”.

Расійскі перапіс насельніцтва 2010 г. зафіксаваў 214 чалавек сетускай нацыянальнасці, з іх 117 у Пячорскім раёне Пскоўшчыны. Рэальна карані сету маюць больш людзей, але асіміляцыйныя працэсы робяць сваю справу. У міжваеннай Эстоніі, пасля яе далучэння да СССР, ды і ў сучаснай Эстонскай Рэспубліцы сету як асобны этнас не прызнаваліся, прадстаўнікі гэтага народа ўлічваліся як эстонцы. У Расіі з пераходам на мову большасці многія сету таксама губляюць цікавасць да сваіх каранёў. У 1996-1999 гг. назіраўся значны адток расійскіх сету ў Эстонію. Па-за межамі Сутумаа асіміляцыя, натуральна, узмацняецца. А напачатку ХХ ст. сету налічвалася 21 тыс. чал., арэал іх рассялення складаў 250 вёсак.

У 2010 г. на падставе пісьма губернатара Пскоўшчыны Старшыні ўраду і ў Мінрэгіёнразвіцця сету былі ўнесены ў “Адзіны пералік карэнных малалікіх народаў Расіі”. У Пскоўскай вобласці прынята праграма “Падтрымка карэннага малалікага народа сету”, адзін з прадстаўнікоў гэтага народа цяпер абавязкова працуе ў дзяржаўных органах вобласці. У г. Пячоры ўжо ёсць досвед факультатыўнага выкладання сетускай мовы, выступленняў фальклорнай групы. А ў вёсцы Сігава працуе музей-сядзіба сету, які з’яўляецца філіялам Дзяржаўнага музея-запаведніка “Ізборск”. У храме святой вялікамучаніцы Варвары г. Пячоры Евангелле чытаецца на царкоўнаславянскай і блізкай да сетускай эстонскай мове (на сетускую Евангелле яшчэ не перакладзена).

Штогод 28 жніўня, у дзень Успення Прасвятой Багародзіцы, у Сігава праходзіць міжнароднае свята Сетумаа, на якое з’язджаюцца сету з Расіі і Эстоніі.

Большасць людзей, якія ўсведамляюць сябе сету, ведаюць тры мовы – сетускую, рускую, эстонскую. З-за малой колькасці носьбітаў сетускай мовы ЮНЕСКА ўнесла яе ў Атлас знікаючых моў свету.

Упершыню сетускія песні запісаў у 1877 г. фінскі навуковец А. Ляхтэнкорва. Ён лічыцца пачынальнікам сетузнаўства ў этнаграфіі.

Уладзіслаў ЛУПАКОЎ

Уважаемые читатели! Объявляется подписка на православную газету «Духовный вестник» на первое полугодие  2019 года – подписной индекс 63113, цена на 1 месяц – 1,13 руб., на 3 месяца – 3,39 руб., на полгода – 6,78 руб.

Подписка оформляется во всех почтовых отделениях РБ. Спрашивайте газету "Духовный вестник" в киосках "Белсоюзпечати".