karym2Нягледзячы на сугучнасць слоў “карымы” і караімы”, для этнаграфіі і рэлігіязнаўства яны азначаюць рознае. 

Пад карымамі могуць разумецца:
-​ карэнныя забайкальцы, нашчадкі ад змяшаных шлюбаў рускіх з буратамі або эвенкамі;
-​ ахрышчаныя бураты.

У першым выпадку “карым” з’яўляецца сінонімам слова “гуран” (ад мангольскага “гуран” – самец казулі). Забайкальскія казакі шылі зімнія шапкі з шкур гурана, захоўваючы на іх рожкі. Доўгія зімы спрыялі таму, што выгляд шапкі адклаўся ў свядомасці іншых жыхароў края і даў мянушку ўсёй этнаграфічнай групе. Гуранамі часам называюць усіх забайкальцаў-еўрапеоідаў.

Рускія перасяленцы ў Забайкаллі прынеслі свае звычаі, праваслаўную веру, навыкі земляробства і дойлідства. Разам з тым яны засвоілі некаторыя гаспадарчыя традыцыі тубыльцаў. Мелі месца і міжэтнічныя шлюбы. Паступова склаўся асаблівы антрапалагічны тып з перавагай еўрапеоідных рысаў, этнічнай самасвядомасцю, якая адрозніваецца ад самасвядомасці і рускіх з Еўрапейскай Расіі і мясцовых народаў.

Наяўнасць гэтай этнаграфічнай групы адлюстрвана і ў тапаніміцы. У Забайкальскім краі ёсць пасёлак Карымскае, які з’яўляецца адміністратыўным цэнтрам аднайменнага раёна, працякае рака Карымка.

Вядомы ў Забайкаллі і так званы карымскі чай. Вось як апісвае яго прыгатаванне чыцінскі пісьменнік Васілій Балябін у рамане “Блакітная Аргунь”: 

«Налив в неё [кастрюлю] кипятку, засыпала туда истолчённый в порошок зелёный китайский чай, размешала, заправила ложкой топлёного масла, посолила и принялась сливать. Зачерпнув ковшом чай, она [«бойкая краснощёкая молодуха»], как бы охлаждая, сливала его обратно в кастрюлю, повторяя этот процесс до тех пор, пока жидкость не приняла соответствующий чаю цвет».

Само слова “карымы” паходзіць ад мангольскага “харым” – чужы. Для мясцовых жыхароў і перасяленцы былі не свае, і супляменнікаў, якія перайшлі ў праваслаўе, такім словам адрознівалі ад шаманістаў.

У XVIII-XIX стст. сярод забайкальскіх буратаў распаўсюдзіўся ламаізм, хаця і шаманства захавалася таксама. У выніку атрымалася двухвер’е. Праваслаўная місія аказалася найбольш паспяховай у асяродку іркуцкіх буратаў. Паводле веравызнання і мовы буратаў можна падзяліць на:
- праваслаўных буратаў (з бурацкай або рускай мовай);
- карымаў (цалкам рускамоўных);
- ламаістаў і шаманістаў (незалежна ад мовы).

Зараз ва Улан-Удэнскай і Бурацкай епархіі сумесна з Бурацкім дзяржаўным універсітэтам вядзецца праца па перакладу набажэнства на мову мясцовага насельніцтва. Раней праваслаўная місія ўскладнялася тым, што бураты ва ўмовах радавога ладу трымаліся язычніцкіх або будысцкіх вераванняў. Пасля перыяду дзяржаўнага атэізму людзі часта робяць уласны выбар. Праваслаўны святар а. Аляксандр Абідуеў пра гэта сказаў: “Хіба калі я бурат, то абавязкова павінен ісці ў ламы? Ведаеце, я прачытаў пару кніг пра будызм, але яны мяне не ўразілі. А калі я адзін раз прачытаў Евангелле – я натхніўся. Так што пытанне пра выбар веры адпаў сам сабой. <…> у хрысціянстве максімальна выконваецца запаведзь любові. Любові да Бога і бліжняга. У будызме ж больш філасофіі. Там няма Бога, хутчэй кожны чалавек сам сабе бог. А мне падабаецца магчымасць дыялогу, адносінаў з Богам”. 

Гэта пра карымаў – пры розным разуменні гэтага слова. А хто ж такія караімы?

І гэтае слова можа азначаць рознае:
- цюркамоўную народнасць, якая спаведуе караімізм;
- спаведнікаў караімізму незалежна ад нацыянальнасці (напрыклад, некаторыя рускія пад Растовам-на-Доне).

Слова “караім” (у Крыме къарай, у Літве karaj) паходзіць ад яўрэйскага “караім” – якія чытаюць. Яўрэі-равіністы лічаць іх іўдзейскай сектай. Самі караімы разглядаюць сваю рэлігію або як чысты іўдаізм, або як чацвёртую аўраамічную (ад імя праайца Аўраама; разам з іўдаізмам, хрысціянствам і ісламам). 

Караімізм узнік у VIII ст. у Багдадзе. Яго заснавальнікам лічыцца Анан бен Давід, аўтар кнігі “Сефер ха-міцвот” (“Кніга прадпісанняў”). Першапачатковыя традыцыі караімізму былі закладзены яшчэ ў ІІ ст. да н.э. у вучэнні садукеяў, якія працівіліся вуснаму закону фарысеяў, адмаўлялі ўваскрасенне мёртвых і загробнае жыццё. Пра гэта некалькі разоў гаворыцца ў Новым Запавеце:

“У той дзень падышлі да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрасення <…>” (Мф. 22, 23).
“<…> бо садукеі кажуць, што няма ўваскрасення, ні Ангела, ні духа, а фарысеі прызнаюць і тое, і другое” (Дзеян. 23, 8).
“Іісус сказаў ім: глядзіце і сцеражыцеся закваскі [вучэння] фарысейскай і садукейскай” (Мф. 16, 6).

Сутнасць караімізму – зварот да Старога Запавету як асноўнай крыніцы Закону, непрыяцце Талмуду. Замест апошняга – “Севел ха-іеруша” (“Цяжар спадчыны”) – звод дактрын, якіх можа і не быць у Пісанні, але яны абавязковыя для сяброў абшчыны. 

Караімы-цюркі лічаць сябе нашчадкамі плямёнаў Хазарскага каганату, якія прынялі караімісцкую веру. Доўгі час яны не аддзялялі сябе ад іўдзеяў. Але ў ХІХ ст. распаўсюдзілася тэндэнцыя проціпастаўлення гэтай рэлігіі. У прыватнасці, у Расіі, дзе для іўдзеяў існавалі прававыя абмежаванні, яны не распаўсюджваліся на караімаў. Праўда, у Ізраілі караімы лічацца часткай яўрэйства.

Буйныя супольнасці караімаў сёння пражываюць у Ізраілі, а таксама ў Крыме (іхнія малітоўныя дамы – кенасы – ёсць у Сімферопале, Феадосіі, Еўпаторыі), Літве (кенасы ў Вільні і Троках). У Крыме яны пасяліліся не пазней ХІІІ ст.; некалі мелі нават уласнае княства ў Чуфут-Кале. Наконт іхняга паяўлення ў ВКЛ існуюць наступныя версіі:
-​ пасля крымскага паходу 1397-1398 гг. князь Вітаўт перасяліў некалькі сотняў сем’яў у сваю краіну;
-​ толькі ў XV ст. караімам было дазволена пасяліцца ў ВКЛ.

Разам з крымчакамі і крымскімі татарамі караімы прызнаны аўтахтонным народам Крымскага паўвострава. У Сіферопале і Еўпаторыі ёсць вуліцы Караімскія. Усяго ў свеце налічваецца каля 22 тысяч караімаў.

Уладзіслаў ЛУПАКОЎ, г.Брэст

Уважаемые читатели! Объявляется подписка на православную газету «Духовный вестник» на второе полугодие 2018 года – подписной индекс 63113, цена на 1 месяц – 1,04 руб., на 3 месяца – 3,12 руб., на полгода – 6,24 руб.

Подписка оформляется во всех почтовых отделениях РБ. Спрашивайте газету "Духовный вестник" в киосках "Белсоюзпечати".